On-line лекцыя І. В. Саверчанкі “Беларуская літаратура эпохі Готыкі, Рэнесансу і Барока”

19 студзеня 2022 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі распачынае цыкл сустрэч з вядомымі навукоўцамі “Крыніцы гістарычнай памяці”. Дадзеныя сустрэчы будуць адбывацца кожны тыдзень у адкрытым для публікі фармаце і на бясплатнай аснове. У межах праекта перад вучонымі, настаўнікамі, студэнтамі, вучнямі, краязнаўцамі і іншымі зацікаўленымі выступяць вядомыя ў нашай краіне вучоныя і практыкі, якія на працягу многіх гадоў займаліся пошукам і вывучэннем крыніц па айчыннай гісторыі.

Кожная сустрэча будзе прысвечана важнай старонцы нашай мінуўшчыны і раскрыта на прыкладзе гістарычных крыніц – летапісаў, рукапісных кніг, старадрукаў, даўніх карт, гравюр, падпольных і партызанскіх выданняў часоў вайны, твораў беларускай літаратуры і іншых крыніц, якія захоўваюць гістарычную памяць беларускага народа. Пасля лекцыі эксперта будзе магчымасць задаць яму пытанні, прыняць удзел у дыскусіі, атрымаць аўтограф на выданнях вядомых навукоўцаў.

У якасці першага эксперта 19 студзеня 2022 г. удзел у адкрыцці праграмы сустрэч з навукоўцамі прыме вядомы беларускі вучоны, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка. Перад публікай ён выступіць з лекцыяй “Беларуская літаратура эпохі Готыкі, Рэнесансу і Барока”. Пачатак мерапрыемства – а 15:00 у зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Мерапрыемства адкрытае. Але…

Калі Вас цікавіць тэма сустрэчы, але няма магчымасці фізічна прысутнічаць на ёй, то запрашаем далучыцца да жывой трансляцыі. Яна будзе весціся ў рэальным часе і дазволіць не толькі назіраць за правядзеннем мерапрыемства, але і нароўні з прысутнымі фізічна задаваць пытанні да эксперта і прыняць удзел у дыскусіі. Трансляцыя будзе даступная без папярэдняй рэгістрацыі на платформе YouTube па адрасе https://youtu.be/1i4zRRbbwX8 (падпісвайцеся на канал «Кніга Беларусі» і націскайце на званочак, каб не прапусціць важную падзею).