Молада — не зелена

Загадчыку кафедры “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці” Беларуска­-Расійскага ўніверсітэта Артуру Карацееву ўсяго 34 гады. Але ў выпадку з ім народная прыказка “Молада — зелена” губляе свой сэнс.
karaceey1
Нягледзячы на маладосць, на рахунку Артура Алегавіча ўжо ёсць шэраг значных навуковых распрацовак, асобныя з якіх атрымалі ўкараненне на прадпрыемствах.

— Сказаць, што навука вабіла мяне з дзяцінства, не магу. Падчас вучобы ў Магілёўскім абласным ліцэі № 3 цікава было нешта даследаваць, вынаходзіць. Аднак пра тое, каб займацца навуковай дзейнасцю прафесійна, тады нават не думаў. Гэтае рашэнне прыйшло ўжо ў студэнцкія гады, — расказаў Артур Карацееў.

Дарэчы, працягваць адукацыю ў БРУ ён вырашыў мэтанакіравана. Калі быў ліцэістам, яго прываблівала ІТ-сфера, а ў больш сталым узросце захацелася займацца нечым больш прыкладным.

— Выбраў для сябе вельмі вузкі напрамак: вырашыў вывучаць тэхналогіі зварачнай вытворчасці. Такую спецыяльнасць можна было набыць толькі ў БНТУ або ў БРУ. Я падаў дакументы ў наш універсітэт. Пэўную ролю адыграў яго статус адзінай міждзяржаўнай установы вышэйшай адукацыі, а таксама прэстыж мясцовых навуковых школ. Пры гэтым школа зваркі тут адна з найстарэйшых і вызначаецца высокім навуковым узроўнем супрацоўнікаў, — паведаміў Артур Алегавіч.

Навучанне яму было ў радасць, жаданне асвойваць новае — вялікае. Пачатак навуковай дзейнасці Артура Карацеева паклаў прафесар В.П.Беразіенка. Своеасаблівым навуковым настаўнікам для яго стаў таксама прафесар В.П.Кулікоў. Дзякуючы іх падтрымцы, яшчэ абараняючы дыплом аб вышэйшай адукацыі, Артур Алегавіч прадставіў распрацоўку “Укараненне спосабу дугавой зваркі на аснове аргону пры вытворчасці каркасаў аўтобусаў МАЗ”. Цяпер яна актыўна прымяняецца на згаданым заводзе і дазваляе істотна эканоміць выдаткі вытворчасці.

На момант атрымання дыплома Артур Алегавіч ужо дакладна ведаў: навука — прыярытэт яго будучай прафесійнай дзейнасці. Сваіх мэт ён прывык дасягаць, таму паспяхова скончыў магістратуру і аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці “Зварка, роднасныя працэсы і тэхналогіі” і прадоўжыў даследаванні ў гэтым кірунку.

— Матэрыяльна-тэхнічная база для заняткаў навуковай дзейнасцю ў Беларуска-Расійскім універсітэце выдатная. Калі казаць канкрэтна пра нашу кафедру, то галоўная яе навуковая адметнасць — Цэнтр сертыфікацыі і выпрабаванняў. Ён з’яўляецца адзіным у краіне органам па сертыфікацыі персаналу зварачнай вытворчасці, зварачнага абсталявання, матэрыялаў, сродкаў абароны зваршчыкаў. На яго базе працуе лабараторыя, якая акрэдытавана Дзяржстандартам больш чым па 50 відах выпрабаванняў у галіне зваркі і сумежных галін, — расказаў Артур Карацееў.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — навучальная ўстанова, арыентаваная на інтэграцыю адукацыі, навукі і вытворчасці. Усяго ў БРУ зараз дзейнічаюць 18 навуковых школ. У кожнай з іх нароўні з вопытнымі выкладчыкамі працуюць студэнты, аспіранты, маладыя навукоўцы.

Па яго словах, з выкарыстаннем перадавога абсталявання зараз праводзіцца большая частка навуковых даследаванняў. Сярод іх даволі шмат значных. Так, рашэннем калегіі Дзяржатамнагляду БРУ прызнаны галоўнай спецыялізаванай арганізацыяй па зварцы і кантролі зварачных злучэнняў пры будаўніцтве Беларускай АЭС.

— Усе спецыялісты-зваршчыкі і інжынерна-тэхнічныя работнікі, якія працуюць на ўзвядзенні атамнай станцыі, праходзяць атэстацыю ў нас. Мы зацвярджаем усе тэхналагічныя працэсы зваркі і кантролю, якія выкарыстоўваюцца на АЭС, прычым не толькі беларускімі, але і расійскімі прадпрыемствамі. Знакавым для нас было таксама супрацоўніцтва з прадстаўнікамі абароннага сектара. Мы прымалі ўдзел у распрацоўцы спосабу аднаўленчага рамонту элементаў важнага зенітна-ракетнага комплексу. Вынайшлі таксама ўнікальныя тэхналогіі для ажыццяўлення рамонту абсталявання на нафтахімічных прадпрыемствах. Зараз займаемся напрамкамі, звязанымі з развіццём суперкамп’ютарных і касмічных тэхналогій. Многія нашы распрацоўкі і паслугі з’яўляюцца экспартнымі, — падкрэсліў Артур Алегавіч.

Апошнія тры гады важнае месца ў жыцці Артура Карацеева займае работа загадчыкам кафедры, але навука — па-ранейшаму прафесійны прыярытэт. Адметна, што навуковыя распрацоўкі Артура Алегавіча неаднойчы адзначаліся. Ён некалькі разоў прызнаваўся лепшым маладым вучоным БРУ, з’яўляўся стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі, узнагароджваўся ганаровымі граматамі міністэрстваў адукацыі, прамысловасці, мясцовых выканаўчых улад.

У найбліжэйшых планах Артура Карацеева — напісанне доктарскай дысертацыі, а таксама ўвасабленне ў жыццё шэрага іншых перспектыўных навуковых задум. Што ж, усе магчымасці для іх рэалізацыі ў яго ёсць. Жадання і імкнення займацца навукай Артуру Алегавічу таксама не займаць, а значыць, і новыя распрацоўкі не прымусяць сябе доўга чакаць.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Источник