Якуб Колас (сапраўднае імя — Канстанцін Міцкевіч) нарадзіўся ў 1882 годзе ў вёсцы Акінчыцы (сёння — тэрыторыя горада Стоўбцы) у сям’і лесніка.
Сям’я Міцкевічаў з-за прафесіі бацькі часта мяняла месца жыхарства. Таму адукацыю хлопчык атрымліваў спачатку дома. Вялікі ўплыў на будучага паэта аказаў яго дзядзька Антось, які з ранніх гадоў прывучыў пляменніка да чытання. Ужо ў 10-гадовым узросце маленькі Косця, пад уплывам баек Крылова, напісаў першы твор «Варона і ліса». У 12 гадоў стварыў першы верш «Вясна».
Юны паэт скончыў спачатку народную школу, а затым, у 1902 г., Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёну (1902—1904), Пінкавічы Пінскага раёну (1904—1906). За рэвалюцыйную прапаганду ў 1906 годзе быў пераведзены у Верхменскую народную вучэльню Ігуменскага павету. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 10 ліпеня 1906 г. быў звольнены. У 1906-1907 гадах у вёсцы Смалярня адкрыў прыватную школу. У 1907 г. пераехаў у Вільню, дзе працаваў загадчыкам аддзела літаратуры ў «Нашай Ніве», але па ўказанні паліцыі звольніўся і пакінуў горад. У пачатку 1908 г. некаторы час працаваў настаўнікам у вёсцы Сані, пасля чаго быў арыштаваны па абвінавачванні ў рэвалюцыйнай дзейнасці, накіраванай на ліквідацыю дзеючага дзяржаўнага ладу. Быў асуджаны на 3 гады (1908-1911), а пасля вызвалення вярнуўся на Піншчыну, дзе працаваў настаўнікам.
У 1913 г. ў Санкт-Пецярбургу выходзяць адразу тры кнігі пісьменніка — «Нёманаў дар», «Тоўстае палена» і зборнік вершаваных апавяданняў «Прапаў чалавек». У 1914 г. ў Вільні выходзіць зборнік прозы «Родныя з’явы». А ў 1916 г. ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выходзіць з друку першы драматычны твор — «Чарка ўсё на свеце робіць».
20-я гады — час творчага поспеху для Якуба Коласа. Ён становіцца вядомым пісьменнікам, яго чытаюць і ведаюць. Ён вядзе актыўнае грамадскае жыццё. З 1929 займае пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР. Прымае ўдзел у з’ездах пісьменнікаў. У 1922 г. ў Мінску выходзіць зборнік вершаў паэта «Водгулле». У 1923 г. публікуецца адна з галоўных прац у жыцці Коласа — паэма «Новая зямля». А праз два гады ў часопісе «Полымя» друкуецца паэма — «Сымон-музыка». У гэтыя ж гады пісьменнік стварае дзве вялікія аповесці — «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся», якія потым ўвойдуць у склад рамана «На ростанях». Гэта самы вялікі і значны празаічны тэкст пісьменніка заснаваны на біяграфічных ўспамінах. У 1933 г. выходзіць аповесць «Дрыгва», прысвечаная грамадзянскай вайне. Пасля вызвалення Мінска ў 1944 г. Якуб Колас вяртаецца на радзіму. Працуе ў Акадэміі навук, вядзе актыўную грамадска-палітычнае жыццё (абіраўся дэпутатам вярхоўнага савета БССР і вярхоўнага савета СССР, быў старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру).
У 1953 г. Колас прымае актыўны ўдзел у стварэнні «Руска-беларускага слоўніка». У 1954 г. ён скончыў працу над аповесцю «На ростанях».
Пісьменнік займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю. Працаваў з тэкстамі на рускай, украінскай і польскай мовах. Творы самога Коласа перакладзены больш чым на 40 моў свету. Часцей за ўсё паэт перакладаўся на рускую (больш за 80 кніг) і ўкраінскую мовы.
У апошнія гады Колас шмат хварэў. За 10 гадоў 26 разоў перанёс запаленне лёгкіх. Але працягваў ствараць новыя творы і памёр за працоўным сталом 13 жніўня 1956 году ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску, недалёка ад магілы Янкі Купалы.
Якуб Колас — класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Яго творы ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве. На словы Якуба Коласа напісана шмат музычных твораў. Яго імем названы Інстытут мовазнаўства і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску. Працуюць Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску (з філіялам, які ўключае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня), літаратурна-этнаграфічныя музеі ў Люсіне і Пінкавічах. Створаны Коласаўскі заказнік у Стаўбцоўскім раёне, дзе адкрыты мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», які налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў пісьменніка.
Бібліятэка ўніверсітэта запрашае наведаць кніжную выставу, прысвечаную жыццю і творчасці пісьменніка «Славуты пясняр зямлі беларускай» (140 год з дня нараджэння Якуба Коласа). Выстава экспануецца на абанеменце (к. 213, корп. 3) да 18 лістапада 2022 г.